АСОБЫ

 

Вікенцій Равінскі (1786 – 1833)

У гісторыі Беларусі, у станаўленні яе духоўнай культуры, выключна важную ролю адыгралі пісьменнікі - пачынальнікі літаратуры новага часу. Яе вытокі адносяцца да другой паловы ХVІІІ- пачатку ХІХ стагоддзя. А хто быў першым беларускім пісьменнікам? Хто першы ўзяў у рукі беларускую ліру? Адназначнага адказу на гэта пытанне сёння няма.

І ўсё-такі гісторыкі ведаюць ужо нямала. І ясна, што калі не першым, то прынамсі адным з першых быў Вікенцій Равінскі, з якім звязваецца стварэнне знакамітай беларускай паэмы "Энеіда навыварат".

Гэта парадыйна-сатырычная паэма, напісаная на сюжэт старажытнарымскага класіка Вергілія. Толькі ў нашай "Энеідзе" пад выглядам рымскіх багоў і герояў, а часам і пад сваімі імёнамі, дзейнічаюць самыя звычайныя "тутэйшыя людзі" - паны і сяляне. Такія пародыі на антычную "Энеіду" ствараліся ў многіх еўрапейскіх літаратурах. Непасрэднымі папярэднікамі аўтара беларускай "Энеіды " былі рускі паэт Мікалай Восіпаў і ўкраінец Іван Катлярэўскі.

Некаторымі канкрэтнымі згадкамі наша паэма звязана з заходняй Смаленшчынай, якая ў тыя далёкія часы не адрознівалася мовай і звычаямі, усім укладам народнага жыцця ад суседняй Беларусі. 3 гэтага адметнага беларуска-рускага памежжа і паходзіць наш паэт.

Якім жа быў яго жыццёвы і творчы шлях?

Вікенцій Паўлавіч Равінскі нарадзіўся ў 1786 годзе ў Духаўшчынскім павеце Смаленскай губерні. Бацькі яго належалі да служылай смаленскай шляхты, якая доўга трымалася старадаўніх традыцый і патрыярхальных звычаяў, не вядомых у іншых мясцінах Расіі. У смаленскіх шляхецкіх сем’ях помнілі, што край гэты ўваходзіў некалі ў "Літву" і Рэч Паспалітую. 3 пакалення ў пакаленне перадавалі Равінскія граматы польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх пра наданне іх продкам маёнткаў на Смаленшчыне (юрыдычная моц такіх дакументаў прызнавалася і царскімі ўладамі). Да нараджэння Вікенція ад маёнткаў гэтых мала што засталося. Равінскія лічыліся дробнамаянтковымі дваранамі. Тым не менш у павеце і нават шырэй прозвішча гэта ведалі добра: бацька паэта, адстаўны секунд-маёр, а потым калежскі саветнік, быў у розныя часы духаўшчынскім земскім спраўнікам, павятовым суддзёй, гараднічым.

Выхоўваўся будучы паэт дома і па прыкладзе старэйшых братоў у 1800 годзе, яшчэ падлеткам, паступіў на вайсковую службу. Суровы армейскі быт - "фрунт", як тады казалі, - стаў для яго ці не галоўнай жыццёвай школай. Спачатку служыў унтэр-афіцэрам у мушкецёрскім палку, потым у чыне прапаршчыка пераводзіцца ў егерскі полк. Служба Равінскага ў арміі супала з важнымі падзеямі еўрапейскай гісторыі, з шматлікімі напалеонаўскімі войнамі, у якія была ўцягнута і Расія. Малады афіцэр прымаў удзел у вайне з французамі 1805-1807 гадоў, у складзе войск пад камандаваннем М.Кутузава, П.Баграціёна і іншых ваеначальнікаў пабываў у Галіцыі, Сілезіі, Маравіі, Аўстрыі, Усходняй Прусіі, удзельнічаў у бітвах пад Аўстэрліцам і Прэйсіш-Эйлаў. Пад Аўстэрліцам ледзь не напаткала бяда - за ім гналіся два французскія кірасіры, выратаваў толькі быстраногі конь-данчак. Асабліва адзначыўся Равінскі ў вядомай бітве пры Шэнграбэне, дзе ён, паводле запісу ў атэстаце, "храбра адкрываў сам сабе шлях праз варожыя калоны". Яго мундзір упрыгожыўся першай баявой узнагародай - ордэнам святой Ганны. У 1808-1809 гадах знаходзіўся ў Пецярбургу, куды быў накіраваны "для ўведання парадку службы". Тут, трэба думаць, ён добра пазнаёміўся з навінамі рускай культуры. І не толькі рускай. За гэты час ў Пецярбургу двойчы выдавалася "Энеіда" Катлярэўскага, і зусім магчыма, што Равінскі са сваімі сябрамі-афіцэрамі захапляўся ёю. 36-ы егерскі полк, дзе пасля Пецярбурга працягваў службу Равінскі, некалькі гадоў стаяў на Украіне, што дало магчымасць дапытліваму афіцэру грунтоўна пазнаёміцца з украінскай мовай і народнымі звычаямі.

Напярэдадні вайны 1812 года полк перакінулі на захад Беларусі, пад Ліду. Разам з усёй рускай арміяй капітан Равінскі зведаў горкі шлях адступлення, на пачатку вайны камандзір корпуса, вядомы ваеначальнік генерал Дз.Дохтураў узяў яго да сябе старшым ад’ютантам. Апрача выканання небяспечных ратных даручэнняў малады афіцэр, які бойка валодаў пяром, загадваў яшчэ паперамі карпусной паходнай канцылярыі.

Равінскаму давялося ўдзельнічаць у вырашальных бітвах той вялікай вайны: пад Смаленскам, дзе, выконваючы распараджэнне Дохтурава, атрымаў моцныя апёкі, Барадзіном, Малаяраслаўцам. Яго мужнасць засведчана атрыманымі новымі баявымі ордэнамі, а таксама надзвычай ганаровай тагачаснай узнагародай - залатой шпагай з надпісам "За храбрасць" (за Барадзіно). Зноў прайшоўшы, пры праследаванні ворага, з канца ў канец усю Беларусь, у 1813-1814 гадах наш паэт удзельнічаў у паходзе рускай арміі ў Заходнюю Еўропу, ваяваў у Германіі, быў сведкам-удзельнікам гістарычнай "бітвы народаў" пад Лейпцыгам. У 1815 годзе, калі ваенныя дзеянні ўзнавіліся ў сувязі з вяртаннем Напалеона з вострава Эльбы, Равінскі знаходзіўся ў шэрагах рускай арміі, што вяла наступ на Парыж. Нарэшце, як змоўклі апошнія грымоты вайны, у сакавіку 1816 года пайшоў у адстаўку ў чыне палкоўніка і вярнуўся на зруйнаваную ворагам радзіму.

Паводле сведчання ўнука, "жыццё за мяжой як падчас акупацыі Францыі, так і ў час паходаў, у Аўстрыі і Германіі, не прайшло бясследна для Вікенція Паўлавіча: ён не толькі вывучаў французскую і нямецкую мовы, якімі валодаў дасканала, але пры кожным зручным выпадку стараўся папоўніць недахопы сваёй адукацыі і прычым, апрача набыцця навуковых звестак, стараўся вывучыць умовы грамадскага і дзяржаўнага жыцця Заходняй Еўропы, - чаму спрыялі яго жывы, дапытлівы розум і назіральнасць. Вярнуўшыся на радзіму, Вікенцій Паўлавіч смела мог назваць сябе перадавым чалавекам, так рэзка адрозніваўся ад большасці памешчыкаў таго часу".

Як героя нядаўняй вайны, бывалага і дасціпнага чалавека Равінскага, нягледзячы на яго вельмі сціплы маёнтак, з энтузіязмам прымалі на радзіме ва ўсіх самых ганарлівых панскіх дамах. Неўзабаве ён ажаніўся з дачкой багатага мясцовага памешчыка Рымскага-Корсакавага. Але хутка расла сям’я, і, удосталь пакаштаваўшы несалодкай долі прымака, ён у 1826 годзе вымушаны быў паступіць на службу па цывільнаму ведамству, стаў інспектарам піцейных збораў ледзь не на краі свету - у Арэнбургскай губерні. Жыў ён тады ва Уфе, дзе знаходзіліся губернскія ўстановы. Хутка ў сувязі з рэформай піцейнай сістэмы і гэтая незайздросная служба была згублена, і Равінскі адправіўся ў Пецярбург шукаць новай пасады. Гэты прыезд у сталіцу адзначаны ва ўспамінах земляка - кампазітара М.Глінкі, які жыў на адной кватэры са шваграм Равінскага, маладым паэтам А.Рымскім-Корсакавым. Паводле характарыстыкі Глінкі, Равінскі "у маладосці быў чалавек вясёлы, дасціпны і любіў смяшыць рознымі мудрагелістымі выхадкамі. Прычым захоўваў заўжды сур’ёзны выгляд". У 1828 годзе Равінскі атрымаў службу ў дэпартаменце ўдзелаў і пасля нядоўгай стажыроўкі ў Смаленску кіраваў удзельнымі канторамі ў Пензе і Кастраме. Ён разумеў сялянскія патрэбы, па магчымасці стараўся палепшыць ва ўдзельных маёнтках становішча сялян. У 1833 годзе, так і не прыдбаўшы новых вялікіх чыноў, канчаткова пайшоў у адстаўку і пасяліўся на радзіме, спалучаючы клопаты сельскага гаспадара з навуковымі і літаратурнымі заняткамі. Памёр у 1855 годзе, пахаваны ў сямейным склепе ў царкве ў вёсцы Спас-Вуглы (цяпер Духаўшчынскі раён Смаленскай вобласці).

Паэма "Энеіда навыварат" напісана ім у 1816-1825 гадах, пасля вяртання з арміі, ці ў 1827--1828 гадах, калі ён чакаў новага прызначэння і стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. Апрача "Энеіды" Равінскі напісаў вершаваную камедыю "Шлюб з прымусу", сатыру на аракчэеўскія парадкі "Вялікі муж субардынацыі", вершы, у якіх высмейвалася самадурства паноў і апісваліся камічныя эпізоды з памешчыцкага жыцця. Тэксты іх распаўсюджваліся ў рукапісах і цяпер невядомыя (змест некаторых твораў вядомы ў пераказе ўнука).

Тэкст "Энеіды навыварат" у тым выглядзе, у якім дайшоў да нас, ахоплівае наступныя эпізоды прыгодаў Энея. 3 захопленай грэкамі Троі Эней са сваімі хаўруснікамі ўцякае на пабудаваным судне ("чаўнаку") у мора. Варожая Энею багіня Юнона, убачыўшы гэта, наважылася яго пагубіць і з падарункамі з’явілася да бога вятроў Эола. Той абяцае ўзняць на моры буру і патапіць траянцаў. Эней і яго спадарожнікі напалоханы ўзнятай бурай і ўжо гатовы развітацца з жыццём. Але ў апошні момант Эней звярнуўся з просьбай аб заступніцтве да марскога бога Нептуна, таксама абяцаючы яму падарункі. Нептун сцішыў буру. Узрадаваныя, супакоеныя траянцы святкуюць выратаванне. Дзеянне зноў пераносіцца ў нябесныя сферы. Аб зламысных інтрыгах сваёй суперніцы Юноны даведваецца маці Энея багіня Венера і, старанна прыбраўшыся, ідзе са сваімі скаргамі-просьбамі да галоўнага гаспадара Алімпа Зеўса, які паабяцаў, што з Энеем ўсё ўладзіцца добра, і нават канкрэтна абмаляваў усю яго будучыню ("прароцтва Зеўса"). Супакоеная Венера дзякуе Зеўсу. Так снуецца-разгортваецца сюжэт - вяршацца людскія лёсы ў алімпійскай завоблачнай высі. А ўнізе - на судне з беглымі траянцамі - прачынаецца бадзёры Эней і загадвае плыць далей. Доўгае плаванне па моры ўжо да рэшты абрыдла, "горш ад талакна прыелась" траянцам, але тут яны ўбачылі жаданы бераг з паселішчам (з прароцтва Зеўса мы ведаем, што гэта Карфаген). Падсілкаваўшыся, падарожнікі сышлі на бераг. Царыца Карфагена Дыдона пагардліва насміхаецца з бедных абарваных, стомленых нягодамі траянцаў. Тыя тлумачаць ёй сваю журботную гісторыю і просяць літасціва іх прыняць. Дыдона ўжо чула пра Энея і яго высокія мужчынскія якасці. Як і прад-бачыў Зеўс, у яе сэрцы, так бы мовіць, з першага погляду загараецца неадольнае каханне да героя. Вядома ж, траянцы ў сувязі з гэтым прымаюцца на самым высокім узроўні. Малюецца карціна балю. Эней па-маладзецку пускаецца ў скокі...

Паводле высноў даследчыкаў, якія раскрылі складаную мастацкую прыроду твора, кніжныя традыцыі непарыўна аб’яднаны ў "Энеідзе навыварат" з традыцыямі народнымі, у прыватнасці фальклорнымі.

Высокі сюжэт Вергілія выкладзены мовай беларускага селяніна (хаця трэба ўдакладніць, што ў тыя далёкія, яшчэ ў многім патрыярхальныя часы мова гэта была пашырана і ў асяроддзі вясковага дваранства). У паэме надзвычай ярка паказаны побыт беларускай вёскі часоў прыгонніцтва. Траянцы - спадарожнікі Энея - ператварыліся пад пяром аўтара ў прыгонных сялян. Аўтар шчыра любуецца невычэрпнай энергіяй, таленавітым усёўмельствам, прафесійным спрытам, кемлівасцю народа (гэтая тэма будзе потым падхоплена і развіта іншымі беларускімі пісьменнікамі, стане скразной у беларускай літаратуры):
 

Мы ўсяку паншчыну смякаем:

У бровары глядзець як знаем,

Загнеткі, сундукі рабіць,

На бочкі абручы набіць.

Піліп наш лепіць гарлачы,

Пракоп жа ступы, таўкачы...
 

І многія тайны прыроды - няхай на інтуітыўным узроўні знахарства - таксама даступны, адкрыты дапытліваму мужыцкаму розуму:
 

А Саўка зелле ўсяка знаець,

Дзяцём ён вогнік адклікаець,

Хупаў бабамі варажыць

І скурапею адхадзіць.
 

Аўтару ўласцівы народны погляд на рэчы, прынамсі ён стараецца ўстаць на такі пункт погляду. Калі народныя рысы з’яўляюцца для нашага паэта станоўчымі якасцямі, то "панскае" для яго як бы сінонім адмоўнага, нялюдскага. Аўтар паказвае сябе тонкім знаўцам псіхалогіі, народнага побыту, звычаяў у розных пластах беларускай тагачаснай вёскі. Дасканальна ведае ён і жаночыя сакрэты. Грунтоўна і жыва выпісана сцэна збораў Венеры, прыгожай засцянковай шляхцянкі, а то, здаецца, і зусім сялянкі (побыт гэтых сацыяльных пластоў па сутнасці мала адрозніваўся), да важнага візіту. Усё ў яе абдумана, па-жаночы разлічана і разам з тым асвячона векавымі народнымі традыцыямі:
 

Андрак з насоўкай апранула,

3 падплётам ўздзела кавярзні,

Анучкі рабыя абула,

Як быццам войта селязні;

Твар сывараткаю абмыла,

Кужэльны ўздзела балахон,

Папарнік у хустачку ўлажыла,

Пайшла да Зеўса на паклон.
 

Тут зусім няма сатыры, аўтар надоўга спыняецца на гэтай сцэне, нібы сцішана назірае, як рыхтуецца да нейкага адказнага кроку жанчына яго народа, якая толькі па нейкай недарэчнай выпадковасці носіць імя антычнай багіні.

Сваёй паэмай Вікенцій Равінскі зрабіў велізарны ўклад у станаўленне сатырычна-гумарыстычных жанраў у беларускай паэзіі. Жанравыя традыцыі "Энеіды навыварат" выразна прасочваюцца потым у паэме "Тарас на Парнасе", у творчасці Ф.Тапчэўскага і іншых паэтаў. Але гэтым яе значэнне далёка не вычэрпваецца, у ёй моцна адчуваецца лірычная плынь. Станоўчы ідэал сцвярджаўся нашым паэтам не толькі шляхам сатырычнага адмаўлення, але і непасрэдна праз узрушана-чуллівы (часам нейтральна-аб’ектывізаваны) паказ народных звычаяў, народнага менталітэту:
 

Дзявухны галасу гукалі,

Вясну малоданькі склікалі

І жарты розныя рабілі:

Казу святочную вадзілі,

3 загнёткі лося забівалі

Дугу ў браму прадзявалі...
 

Перад намі своеасаблівы паэтычны звод народных светаўяўленняў, маленькая энцыклапедыя народнага жыцця, адлюстраванне неўміручасці народнага духу, багацця і каштоўнасці культуры народа. Равінскаму радасна ўказваць на невычэрпнае багацце гэтага народнага духоўнага космасу і - больш таго - на сваю (хаця б праз глыбокае веданне, суперажыванне) прыналежнасць, далучанасць да яго. Паэту радасна адчуваць сябе часцінкай народа. Нельга не пагадзіцца з земляком паэта А.Кіркорам, які пісаў пра беларускую "Энеіду" і яе стваральніка: "Аўтар выдатна ведаў народ, яго паданні, норавы і звычаі і валодаў мовай, як няшмат хто. Яго гумар, уменне перадаваць народныя сцэны знамянуюць геніяльныя здольнасці".

Да рэвалюцыі ў маёнтку Равінскіх Спаса-Руцкае захоўваўся архіў Вікенція Паўлавіча, у тым ліку і аўтограф "Энеіды навыварат". Вісеў там і вялікі алейны партрэт нашага пісьменніка. Усё гэта прапала-загінула ў віхуры 1917 года. Балазе, з архівам у свой час паспеў пазнаёміцца яго ўнук К.І.Равінскі, які данёс да нас шмат цікавых дэталяў. Ва ўспамінах ён пісаў пра свайго дзеда-паэта: "З ацалелых пасля яго смерці сшыткаў і рукапісаў відаць, што дзядуля вельмі шмат чытаў, асабліва старанна займаючыся гісторыяй. Праглядаючы зробленыя ім выпіскі з навуковых кніг, я пераканаўся, што пры вывучэнні гісторыі ён карыстаўся даволі рэдкімі кнігамі на замежных мовах, адзначаючы ўсё, што было ў навуковых адносінах асабліва каштоўным або пралівала новае святло на тыя ці іншыя гістарычныя падзеі або эпоху і наогул спыняла яго ўвагу". Адзначае ўнук таксама знаёмства нашага паэта з філасофіяй французскіх асветнікаў Вальтэра, Русо, Дзідро, Д’Аламбера, Гольбаха. Так што далягляды пачынальніка новай беларускай літаратуры былі вельмі і вельмі шырокія.

Даносіць да нас унук і чыста чалавечыя рысы Вікенція Паўлавіча. Паводле яго слоў, паэт "меў нямала сяброў у межах Смаленскай губерні і заўсёды быў жаданым госцем у дваранскіх сядзібах, тым больш што быў вельмі вясёлым і жыццярадасным чалавекам, любіў пагаварыць (французы называюць такіх людзей "causeurs"), кінуць вострае слова і пасмяяцца здаровым смехам...".

І што асабліва каштоўна, апісваючы жаніцьбу Вікенція Паўлавіча, К.І.Равінскі малюе яго знешні выгляд, дае славесны партрэт. Вось пасля войска наш герой з’яўляецца на радзіме і адразу пакарае непрыступнае сэрца мясцовай багачкі Праскоўі Якаўлеўны. Ды ці ж можна было ўстаяць: "Статны, высокага росту, з трохі кучаравымі валасамі, з густымі чорнымі бровамі і вялікім ілбом, гадоў трыццаці двух палкоўнік, разумны, надзвычай дасціпны, вясёлага нораву, ён быў выдатна прыняты мясцовымі памешчыкамі, у тым ліку і гордым Я.С.Рымскім-Корсакавым. Але калі Праскоўя Якаўлеўна палюбіла Вікенція Паўлавіча, то яе бацька вельмі неахвотна даў згоду на гэты шлюб, лічачы яго няроўным: хоць дзядуня сваёй радавітасцю не саступаў Рымскім-Корсакавым, але ён быў вельмі небагатым чалавекам".

 

БЕЛАРУСКАЕ КОЛА

 


© MAKSIM KARPOVICH "BELARUSKAE KOLA" 2008